У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.
Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 год, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлій Таўбін (26 год), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 год), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 год).
Расстрэл 29.10.1937 стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Хваля гэтая доўжылася з 1929 па 1938 год, мела мэтай знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выбітных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень – расстраляныя, дзясяткі адпраўленыя ў лагеры і загінулі ў ГУЛАГу.
Вершы і проза, лісты, дзённікі, успаміны, фотаздымкі. Дзясяткі тысяч кніг рэпрэсаваных аўтараў былі выдаленыя з бібліятэчных фондаў, знішчаныя альбо адпраўленыя ў спецхраны. Імёны забітых і высланых выкрэсліваліся з даведнікаў, энцыкладпедый і падручнікаў. На іх згадку была накладзена забарона.
Штогод у Беларусі і за яе межамі 29 і 30 кастрычніка праходзяць вечары памяці рэпрэсаваных беларусаў: паэтаў, мастакоў, выдаўцоў, вучоных, выкладчыкаў, рабочых, сялян, гараджан і вяскоўцаў. Галасы гэтых імпрэзаў — галасы ахвяр рэпрэсій у Беларусі. Але не толькі. Сам факт правядзення такіх вечарын — знак нашай пашаны да папярэднікаў, нявінна знішчаных уладамі. Гэта і знак веры ў тое, што на папялішчы разбураных лёсаў — праз слёзы, пакуты і выпрабаванні — можа гадавацца веліч няскоранай нацыі.
Міждысцыплінарныя праекты
Публікацыі
Прысвячэнні
Аўдыякнігі, падкасты
Лекцыі
Дакументальныя і відэапраекты
Вялікія справы робяцца маленькімі крокамі, а моцныя супольныя ініцыятывы здольныя зрынаць муры раўнадушша і забыцця. Таму нават адзін верш рэпрэсаванага паэта, прачытаны ў гэты дні, нават адна запаленая ў іх памяць свечка — знак таго, што памяць пра ахвяраў рэжымаў жыве.
Як яшчэ можна ўшанаваць памяць творцаў у “Ноч паэтаў”?
Далучыцца да акцыі “Ноч паэтаў” можна ў любым зручным для вас фармаце. Напішыце нам праз прапанаваную ніжэй форму — і мы дадамо вашу імпрэзу на агульную мапу, каб пра яе даведаліся зацікаўленыя беларусы, якія жывуць побач. Таксама, калі патрэбна, мы дапаможам вам зрабіць афішу падзеі.